ЛІТО́ЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ СА ЗНА́КАМІ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997), на ўсх. ускраіне в. Літоўка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту дробназярністага з крышталямі біятыту і ксеналітаў цёмна-шэрага гнейсу. Захавалася ​1/3 валуна (даўж. 2,7 м, шыр. 2,4 м, выш. 1,6 м, у абводзе 7,2 м, аб’ём 5,5 м³, маса каля 14,6 т). Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паверхні каменя ёсць паглыбленне (даўж. 29 см, шыр. 14 см, глыб. да 2 см), якое лічылі следам казачнай «істоты». Амаль на вяршыні знаходзіцца паўсферычная выемка (у папярочніку 4 см, глыб. 1,5 см) з прышліфаванымі сценкамі, якая высечана чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. Валун меў культавае значэнне.

В.Ф.Вінакураў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)